Настройкі
Цэнтральная выбарчая камісія
Рэспублікі Беларусь
Галоўная  /  Аб камiсii  /  Кампетэнцыя камісіі

Кампетэнцыя камісіі

Цэнтральная выбарчая камісія (далей − ЦВК) з’яўляецца дзяржаўным органам, які арганізуе ў межах сваіх паўнамоцтваў падрыхтоўку і правядзенне электаральных кампаній. ЦВК таксама вырашае пытанні, звязаныя з арганізацыяй адклікання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі.
 
ЦВК узначальвае сістэму дзеючых у перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў выбарчых камісій і камісій па рэферэндуме.
 
У адпаведнасці з артыкулам 33 Выбарчага кодэкса ЦВК у межах сваёй кампетэнцыі:
1) арганізуе падрыхтоўку і правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, рэспубліканскіх рэферэндумаў;
2) ажыццяўляе на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутата і члена Савета Рэспублікі;
3) дае растлумачэнні заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутата і члена Савета Рэспублікі з мэтай яго аднастайнага прымянення;
4) ажыццяўляе кіраўніцтва дзейнасцю камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата, заслухоўвае іх інфармацыю, аказвае гэтым камісіям метадычную і арганізацыйна-тэхнічную дапамогу;
5) ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва работай па навучанні і павышэнні кваліфікацыі членаў камісій і іншых асоб, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, рэферэндуму, адклікання дэпутата, члена Савета Рэспублікі;
6) пры неабходнасці вырашае па сутнасці пытанні, якія адносяцца да кампетэнцыі ніжэйстаячай камісіі;
7) утварае выбарчыя акругі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і ўстанаўлівае сярэднюю колькасць выбаршчыкаў на выбарчую акругу па Рэспубліцы Беларусь;
8) прызначае выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, рэгіструе выбраных дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу і публікуе іх спіс у друкаваных сродках масавай інфармацыі, склікае першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу новага склікання;
9) дае заключэнні аб правамоцнасці вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі, рэгіструе вылучаных кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі, падводзіць вынікі выбараў членаў Савета Рэспублікі, рэгіструе выбраных членаў Савета Рэспублікі і публікуе іх спіс у друкаваных сродках масавай інфармацыі, склікае першую пасля выбараў сесію Савета Рэспублікі;
10) рэгіструе:
ініцыятыўныя групы грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь;
кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх давераных асоб, прадстаўнікоў па фінансавых пытаннях і выдае ім адпаведныя пасведчанні;
ініцыятыўную групу грамадзян па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму і пытанні, якія прапануюцца ёю на рэспубліканскі рэферэндум;
ініцыятыўную групу выбаршчыкаў па зборы подпісаў у падтрымку прапановы аб узбуджэнні пытання аб адкліканні дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
11) забяспечвае захаванне роўных прававых умоў перадвыбарнай дзейнасці палітычных партый, кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты;
12) вызначае парадак інфармавання грамадзян аб ходзе падрыхтоўкі і правядзення выбараў, рэферэндуму, адклікання дэпутата, члена Савета Рэспублікі; вызначае парадак выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарнай кампаніі;
13) вызначае меры, накіраваныя на стварэнне дадатковых умоў для грамадзян з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі пры правядзенні выбараў, рэферэндуму, адклікання дэпутата, члена Савета Рэспублікі;
14) складае і зацвярджае каштарысы выдаткаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў, рэспубліканскага рэферэндуму, адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў у межах сродкаў, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту; стварае пазабюджэтны фонд для дадатковага фінансавання выдаткаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў, рэспубліканскага рэферэндуму і зацвярджае палажэнне аб фондзе; размяркоўвае грашовыя сродкі, выдзеленыя з рэспубліканскага бюджэту і пазабюджэтнага фонду, паміж камісіямі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбарчымі камісіямі, камісіямі па рэферэндуме, камісіямі па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
15) кантралюе мэтавае выкарыстанне грашовых сродкаў, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту, пазабюджэтнага фонду, выбарчых фондаў асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь; інфармуе Палату прадстаўнікоў аб выдаткаванні сродкаў, выдзеленых з бюджэту на правядзенне выбараў, рэспубліканскага рэферэндуму, адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў; публікуе справаздачу аб выдаткаванні сродкаў пазабюджэтнага фонду, размяшчае яе на афіцыйным сайце Цэнтральнай камісіі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт;
16) устанаўлівае формы бюлетэняў і спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, рэферэндуме, галасаванні аб адкліканні дэпутатаў, пратаколаў камісій і іншых дакументаў па выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутатаў, узоры скрынак для галасавання і пячатак камісій;
17) забяспечвае выраб бюлетэняў па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і для галасавання па рэспубліканскім рэферэндуме і забеспячэнне імі абласных, Мінскай гарадской камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму;
18) вызначае меры па забеспячэнні захаванасці скрынак для галасавання і дакументаў па выбарах, рэферэндуме ў перыяд датэрміновага галасавання;
19) заслухоўвае паведамленні дзяржаўных органаў і органаў грамадскіх аб’яднанняў па пытаннях, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў, рэферэндуму;
20) пры адначасовым правядзенні выбараў рознага ўзроўню, выбараў і рэферэндуму можа ўстанаўліваць, што спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах рознага ўзроўню, выбарах і рэферэндуме, з’яўляюцца агульнымі па выбарах рознага ўзроўню, выбарах і рэферэндуме, а таксама пры адначасовым правядзенні выбараў і рэферэндуму можа ўстанаўліваць, што тэрытарыяльныя камісіі з’яўляюцца агульнымі па выбарах і рэферэндуме;
21) кантралюе забеспячэнне камісій памяшканнямі, транспартам, сувяззю, разглядае іншыя пытанні іх матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння;
22) падводзіць вынікі выбараў, рэферэндуму;
23) рэгіструе выбраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і публікуе іх спіс у друкаваных сродках масавай інфармацыі, склікае першую пасля выбараў сесію Палаты прадстаўнікоў;
24) выдае выбраным Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і членам Савета Рэспублікі пасведчанні аб іх выбранні;
25) вырашае пытанні, звязаныя з правядзеннем другога тура галасавання, паўторных выбараў і выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта, а таксама паўторнага галасавання па рэферэндуме;
26) вырашае пытанні, звязаныя з арганізацыяй адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў і члена Савета Рэспублікі, прызначае паўторныя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў замест тых, хто выбыў, і забяспечвае іх правядзенне;
27) устанаўлівае рэзультаты галасавання па адкліканні дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі;
28) разглядае скаргі на рашэнні камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата і выносіць па іх рашэнні;
29) разглядае звароты грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях правядзення выбараў, рэферэндуму, адклікання дэпутатаў, членаў Савета Рэспублікі;
30) вывучае і абагульняе практыку прымянення заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутата і члена Савета Рэспублікі;
31) уносіць прапановы аб удасканальванні заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адкліканні дэпутата і члена Савета Рэспублікі;
32) ажыццяўляе ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць па пытаннях рэалізацыі выбарчых правоў грамадзян;
33) стварае рабочыя групы і іншыя структуры для арганізацыйнага, прававога і тэхнічнага забеспячэння выбараў і рэферэндуму;
34) пры правядзенні выбараў, рэспубліканскага рэферэндуму вызначае парадак і віды заахвочвання членаў камісій, работнікаў апарата Цэнтральнай камісіі, асоб, якія ажыццяўляюць вядзенне бухгалтарскага ўліку і складанне справаздачнасці ў камісіях, а таксама работнікаў структур, указаных у пункце 33;
35) устанаўлівае і развівае сувязі з органамі замежных дзяржаў і міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі арганізацыі правядзення выбараў і рэферэндумаў;
36) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства.