Аб камiсii
Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь (далей − ЦВК) як пастаянна дзеючы орган была ўтворана Вярхоўным Саветам Беларускай ССР 4 снежня 1989 г.
Дзейнасць ЦВК у той перыяд вызначалася Законам Беларускай ССР "Аб выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР" ад 27 кастрычніка 1989 г. У адпаведнасці з названым Законам ЦВК утваралася ў складзе старшыні, двух намеснікаў, сакратара і 15 членаў камісіі.
У цяперашні час парадак утварэння ЦВК вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Прававы статус ЦВК урэгуляваны ў Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь. Парадак работы камісіі вызначаецца яе Рэгламентам.
ЦВК дзейнічае на пастаяннай аснове, тэрмін паўнамоцтваў камісіі − 5 гадоў. Дзеючы склад камісіі сфарміраваны ў снежні 2021 г. ЦВК складаецца з 12 членаў, на прафесійнай аснове працуюць Старшыня і сакратар камісіі. Члены Цэнтральнай камісіі абіраюцца Усебеларускім народным сходам па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, папярэдне ўзгодненым з Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу. Кандыдатуры ў склад Цэнтральнай камісіі рэкамендуюцца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь сумеснымі рашэннямі прэзідыумаў абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.
Апарат ЦВК, які ажыццяўляе прававое, арганізацыйна-метадычнае, дакументацыйнае, інфармацыйна-аналітычнае, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці ЦВК, складаецца з 8 супрацоўнікаў.
З 14 кастрычніка 2013 г. ЦВК з'яўляецца адным з заснавальнікаў Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў (A-WEB).