Сустрэча з Кіраўніком Місіі наглядальнікаў ад СНД
24.02.2022
24 лютага 2022 г. у Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў адбылася сустрэча Старшыні Цэнтральнай камісіі І.В.Карпенкі з І.Т.Няматавым, Кіраўніком Місіі наглядальнікаў ад СНД на рэспубліканскім рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Карпенка І.В. інфармаваў Кіраўніка Місіі аб мерапрыемствах па падрыхтоўцы да рэспубліканскага рэферэндуму, ходзе датэрміновага галасавання, якое пачалося 22 лютага, аб наглядальніках, акрэдытаваных Цэнтральнай камісіяй і тэрытарыяльнымі камісіямі для маніторынгу рэферэндуму.
Няматаў І.Т. паведаміў, што прадстаўнікі Місіі, якая ажыццяўляе сваю дзейнасць па нагляданні за рэферэндумам з 1 лютага, азнаёміліся з работай шэрагу тэрытарыяльных і ўчастковых камісій па рэферэндуме па ўсёй краіне. Кіраўнік Місіі асабіста наглядаў за работай камісій у Мінскай вобласці і горадзе Мінску, ён адзначыў высокі ўзровень арганізацыі іх работы, а таксама падзякаваў Цэнтральнай камісіі за садзейнічанне, якое аказваецца Місіі наглядальнікаў ад СНД.