Аб камісіі

Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (далей − Цэнтральная камісія) як пастаянна дзеючы орган была ўтворана Вярхоўным Саветам Беларускай ССР 4 снежня 1989 г.

Дзейнасць Цэнтральнай камісіі ў той перыяд вызначалася Законам Беларускай ССР "Аб выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР" ад 27 кастрычніка 1989 г. У адпаведнасці з названым Законам Цэнтральная камісія ўтваралася ў складзе старшыні, двух намеснікаў, сакратара і 15 членаў камісіі.

У цяперашні час парадак утварэння Цэнтральнай камісіі вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Прававы статус Цэнтральнай камісіі ўрэгуляваны ў Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь. Парадак работы камісіі вызначаецца яе Рэгламентам.

Цэнтральная камісія дзейнічае на пастаяннай аснове, тэрмін паўнамоцтваў камісіі − 5 гадоў. Дзеючы склад Цэнтральнай камісіі сфарміраваны 21 снежня 2016 г. Цэнтральная камісія складаецца з 12 членаў, на прафесійнай аснове працуюць Старшыня і сакратар камісіі. Склад Цэнтральнай камісіі фарміруюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на парытэтнай аснове (па 6 членаў камісіі) з кандыдатур, рэкамендаваных прэзідыумамі абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і адпаведнымі выканаўчымі камітэтамі.

Апарат Цэнтральнай камісіі, які ажыццяўляе прававое, арганізацыйна-метадычнае, дакументацыйнае, інфармацыйна-аналітычнае, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Цэнтральнай камісіі, складаецца з 7 супрацоўнікаў.

Цэнтральная камісія супрацоўнічае з усімі цэнтральнымі выбарчымі органамі краін СНД. У 1998 годзе Цэнтральная камісія стала членам Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. З 14 кастрычніка 2013 г. Цэнтральная камісія з'яўляецца адным з заснавальнікаў Сусветнай асацыяцыі выбарчых органаў (A-WEB).